Logo Polskiego Radia
Print

«Гэта чорны дзень для беларускай аналітыкі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.08.2016 22:20
  • Гэта чорны дзень для беларускай аналітыкі.mp3
Р. Астапеня: Спыненьне працы НІСЭПД прывядзе да таго, што грамадзтва ня зможа даведацца, як зьмяняюцца настроі беларусаў.
pixabay.com

«Прыпыненьне дасьледаваньняў НІСЭПД – гэта чорны дзень для беларускай аналітыкі». Так экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня пракамэнтаваў рашэньне сацыёлягаў спыніць правядзеньне апытаньняў з-за ціску спэцслужбаў. Ці засталіся ў беларусаў магчымасьці даведацца, што думаюць суайчыньнікі пра надзённыя праблемы? Ці заменяць корпус рэактара БелАЭС? Ці прызнаюць палітвязьнем Уладзімера Кондруся – апошняга арыштаванага за Плошчу 2010 году? На гэтыя ды іншыя тэмы з нашым камэнтатарам размаўляе Аляксандар Папко.

«АЭС будуюць ня монстры»

«Нават калі на корпусе рэактара ёсьць найменшыя пашкоджаньні або драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца», – так 4 жніўня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў нядаўні інцыдэнт на будоўлі Беларускай АЭС. Прыгадаем, што месяц таму 330-тонная абалонка рэактара звалілася на зямлю з больш як 2-мэтровай вышыні. Таксама кіраўнік Беларусі запрапанаваў Летуве купляць электрычнасьць з будучай электрастанцыі і нават прапанаваў «сумесна яе эксплюатаваць». Ці корпус рэактара сапраўды заменяць? І ці ўдасца Беларусі прадаваць электрычнасьць у Летуву, якая неаднаразова заяўляла, што мае сумневы ў бясьпецы станцыі?

Р. Астапеня: Мне падаецца, што калі абалонка сапраўды пашкоджаная, то яе заменяць. Гэта вельмі гучны выпадак. Ды і ў рэшце рэшт, ня монстры будуюць атамную электрастанцыю. Мне падаецца, што і «Росатом», і беларускія падрадчыкі зацікаўленыя ў тым, каб атамная станцыя не ўзарвалася. Таму, я думаю, абалонку сапраўды заменяць.

Летува можа паступіць згодна з двума сцэнарамі. Яна можа падняць гэтае пытаньне на рэгіянальны ўзровень і дамагчыся таго, што ўсе краіны Балтыі адмовяцца купляць энэргію зь Беларускай АЭС. Другі шлях – паступіць так, як прапаноўвае Аляксандар Лукашэнка. Летува можа атрымаць доступ да электрастанцыі, уладкаваць там на працу атамшчыкаў з Ігналінскай АЭС, якіх будуць звальняць. У выніку Вільня атрымае танныя энэргарэсурсы. Мне падаецца, гэта выйгрышная сытуацыя для абодвух бакоў, і Летува ў ёй зацікаўленая.

Кондрусь – гэта рэвалюцыянэр, чыя рэвалюцыя правалілася

Стала вядома, што 14 чэрвеня спэцслужбы затрымалі Ўладзімера Кондруся – аднаго з удзельнікаў «Плошчы» 2010 году. Абвінавачаньне яму выстаўлена ў рамках «прыпыненай» справы аб «масавых беспарадках». У СІЗА Кондрусь ужо другі месяц трымае галадоўку, з-за зьнясіленьня яго нават перавялі ў шпіталь. На Дні Волі ў сакавіку гэтага году журналісты ўбачылі як за маніфэстацыяй зводдаль назірае той самы чалавек, які біў шкло ў Доме ўраду ў сьнежні 2010-га. СМІ назвалі яго правакатарам. А праз тры месяцы гэты чалавек, які аказаўся жыхаром Рудзенска Уладзімерам Кондрусем, быў арыштаваны. Хто ён – правакатар альбо рэвалюцыянэр і палітвязень? Які высновы са справы Конруся трэба зрабіць журналістам і грамадзтву?

Р. Астапеня: Пра гэтую справу насамрэч вядома няшмат, бо мы не пачулі словаў самога Кондруся, каб даведацца, кім ён ў сапраўднасьці зьяўляецца. З таго, што мы ведаем, можам сказаць, што ён проста рэвалюцыянэр, чыя рэвалюцыя правалілася. У 2010 годзе ён паверыў апазыцыйным лідарам, што яны будуць браць уладу. «Браць, дык браць!» – ён пайшоў і браў. Але не атрымалася. Што ж тычыцца беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, то яны будуць мець цяжкасьці з прызнаньнем яго палітвязьнем, бо яго дзеяньні, усё ж-такі, былі гвалтоўнымі.

Ці правільна паступіла «Наша Ніва», назваўшы яго правакатарам? На гэтае пытаньне няма правільнага адказу, бо незразумела, на якой падставе, апрача фотаздымкаў, газэта высунула такія абвінавачаньні. Зь іншага боку, «Наша ніва», як любое незалежнае выданьне, мае права публікаваць любую інфармацыю пад сваю адказнасьць – і несьці гэтую адказнасьць, калі будзе неабходна.

Адмова ў рэгістрацыі Лагвінца – знак таго, што ўлады поўнасьцю кантралююць выбары

У Беларусі ідзе рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Дзяржаўныя СМІ прадказваюць небывалую канкурэнцыю сярод кандыдатаў, высокую актыўнасьць выбаршчыкаў і падкрэсьліваюць, што выбары пройдуць пад пільным кантролем шматлікіх міжнародных назіральнікаў. Пры гэтым ужо зьявіліся палітыкі, якім адмовілі ў рэгістрацыі. Такім стаў арганізатар, хіба што, самай яскравай кампаніі па зборы подпісаў – Алесь Лагвінец з менскага мікрараёну Сухарава. Цэнтарвыбаркам пакараў яго акурат за арганізацыю масавых і відовішчных пікетаў, за якія Лагвінца палюбілі СМІ. Што гэтая адмова кажа пра пэрспэктывы выбарчай кампаніі? Ці будуць гэтыя выбары хоць крыху больш дэмакратычнымі за ўсе папярэднія?

Р. Астапеня: Гэтая адмова паказвае, што ўлады не жадаюць страціць кантроль над выбарчай кампаніяй. Яны правялі своеасаблівую чырвоную лінію, і калі кандыдат зойдзе за яе – яго здымуць. Гэта, які і мізэрная колькасьць чальцоў апазыцыйных партыяў у выбарчых камісіях, сьведчыць пра тое, што выбары пройдуць без асаблівых «сюрпрызаў». Адзіная інтрыга заключаецца ў тым, наколькі шырока ўлады будуць асьвятляць кампаніі апазыцыйных кандыдатаў. Напрыклад, год таму Тацьцяна Караткевіч карысталася, я б сказаў, прыязным стаўленьнем дзяржаўных СМІ.

Спыненьне працы НІСЭПД – велізарная страта для дасьледчыкаў

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў спыняе працу ў Беларусі з-за таго, што КДБ пачаў ціснуць на супрацоўнікаў арганізацыі, якія непасрэдна праводзяць апытаньні. Пра гэта ў аўторак заявіў заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў. Ці закрыцьцё сацыялягічнага інстытуту, які на працягу больш як 20 гадоў дасьледаваў грамадзкую думку ў Беларусі, стане сьмяротным ударам для беларускай аналітыкі? Ці засталіся «люстэркі» ў якіх можна ўбачыць, што беларусы думаюць пра навакольны сьвет і ўладу?

Р. Астапеня: Гэта, безумоўна, вельмі цёмны дзень для беларускай навукі і тых, хто цікавяцца апытаньнямі грамадзкай думкі. НІСЭПД зьяўляецца адзінай арганізацыяй, якая рэгулярна – кожныя тры месяцы – праводзіла апытаньні. Пры гэтым іх дасьледаваньні карысталіся вялікай пашанай, былі зробленыя даволі якасна. Для кагосьці гэта сьветлы дзень – напрыклад, для ўладаў, бо апытаньні НІСЭПД паказалі, што на мінулых выбарах Аляксандар Лукашэнка набраў на 30% менш, чым паказалі афіцыйныя вынікі. З другога боку, парадавацца можа частка апазыцыі, якая крытыкавала Алега Манаева за тое, што ён не паказваў рэвалюцыйных настрояў грамадзтва, якіх, насамрэч, не было.

У нас ёсьць іншыя арганізацыі, якія праводзяць сацыялягічны дасьледаваньні. Напрыклад, гэта Лябараторыя НОВАК Андрэя Вардамацкага. Але ўзьнікае праблема ў пэрыядычнасьці. Каб убачыць трэнд, перамену грамадзкай думкі, трэба задаваць адны й тыя ж пытаньні кожны раз. Таму спыненьне рэгулярных апытаньняў НІСЭПД – гэта велізарная страта.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт