Logo Polskiego Radia
Print

«Апазыцыя – больш не «адмарозкі», а паважаныя дэпутаты парлямэнту»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.09.2016 21:31
  • «Апазыцыя – больш не «адмарозкі», а паважаныя дэпутаты парлямэнту».mp3
Прысутнасьць Алены Анісім і Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў можа вярнуць апазыцыі аўтарытэт.
Зала паседжаньняў (Авальная зала) Дому ўрадуЗала паседжаньняў (Авальная зала) Дому ўрадуbelarus.by

Нягледзячы на тое, што ў Палату прадстаўнікоў патрапілі ўсяго дзьве прадстаўніцы беларускай апазыцыі, вынікам іх працы стане паляпшэньне іміджу беларускіх дэмакратаў. Менавіта ў гэтым заключаецца асноўная зьмена на беларускай палітычнай арэне, якая адбылася пасьля чарговых «элегантна праведзеных» выбараў – лічыць экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня. У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» Рыгор Астапеня й Аляксандар Папко высьвятляюць, ці сталі выбары ў Палату прадстаўнікоў хоць крыху больш празрыстымі, ці зьмянілі яны беларускую палітычную сыстэму, і як на гэтыя зьмены адрэагуюць за мяжой.

«Лукашэнка зрабіў самую вялікую саступку Захаду»

Галоўнай навіной мінулага тыдня, безумоўна, сталі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Паводле афіцыйных дадзеных, 11 верасьня прагаласавалі больш за 5 мільёнаў чалавек. Цэнтарвыбаркам заяўляе, што яўка склала амаль 75%. Усе 110 дэпутатаў былі абраныя ў першым туры. За працэдурай выбараў уважліва сачылі ня толькі ў Беларусі, але й на Захадзе. Краіны Эўразьвязу й ЗША спадзяваліся, што гэтыя выбары стануць хоць крыху больш празрыстымі і свабоднымі, чым раней. Ці спраўдзіліся гэтыя спадзяваньні?

Рыгор Астапеня: Калі Захад меў менавіта такія спадзяваньні альбо патрабаваньні, то яны, безумоўна, праваліліся. Я сам быў назіральнікам на выбарчым участку й бачыў, што працэс падліку галасоў сутнасна не зьмяніўся. Дагэтуль там ня бачна, што падлічваюць. Не зьмянілася ані працэдура, ані атмасфэра вакол выбараў. Дзяржаўныя СМІ надавалі вельмі малую ўвагу выбарчай кампаніі.

Зь іншага боку, Захад меў спадзяваньні, што Аляксандар Лукашэнка прапусьціць прадстаўнікоў некалькіх апазыцыйных сілаў у Палату прадстаўнікоў. Гэтыя спадзяваньні спраўдзіліся. І гэта велізарная саступка з боку Лукашэнкі. Магчыма, найбольшая саступка беларускіх уладаў за апошнія гады. Таму я думаю, што Захад будзе яму за гэта ўдзячны.

Апазыцыя – больш не «адмарозкі»

Як трапна зазначыў палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі, упершыню за 12 гадоў Палата прадстаўнікоў перастала быць «стэрыльнай». Улады пусьцілі ў парлямэнт двух апазыцыянэраў і 14 прадстаўнікоў праўладных палітычных партыяў. Прыгадаем, у папярэдняй Палаце прадстаўнікоў сябраў якіх заўгодна партыяў не было ўвогуле. Навошта ўлады на гэта пайшлі? Як зьменіцца палітычнае жыцьцё Беларусі ад таго, што ў Палаце прадстаўнікоў будуць працаваць Алена Анісім і Ганна Канапацкая?

Рыгор Астапеня: Відавочна, што Лукашэнка зрабіў саступку Захаду, які патрабаваў інстытуцыяналізаваць апазыцыю ў Беларусі. Калі беларускія ўлады дазваляюць апанэнтам правесьці нейкі мітынг, то ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не прыносіць ніякіх зьменаў. Адзін мітынг можна дазволіць, а другі – забараніць. Дазвол на працу апазыцыі ў беларускім парлямэнце – гэта доўгатэрміновы праект. У бліжэйшыя чатыры гады беларускім уладам прыйдзецца гуляць у больш складаную гульню. З аднаго боку, улады павінныя дазволіць апазыцыйным дэпутатам нешта рабіць, а зь іншага боку – павінныя пільна сачыць, каб гэтыя дзеяньні не разгайдалі асновы рэжыму.

Самая галоўная зьмена, якая адбываецца цяпер – гэта нармалізацыя апазыцыі. Пэўная частка беларускага грамадзтва й дзяржаўныя чыноўнікі змогуць убачыць, што апазыцыянэры, беларускія дэмакраты – гэта не «адмарозкі», рэвалюцыянэры, якія спрабуюць зьнішчыць краіну, а рэспэктабэльныя дэпутаты беларускага парлямэнту. І гэта цяпер афіцыйна.

Колькі газу можна купіць за дэманстрацыю расейскага сьцягу?

8 верасьня на цырымоніі адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў у Рыё прадстаўнік беларускай спартыўнай дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс расейскі сьцяг. Ён растлумачыў, што зрабіў гэта, каб падтрымаць расейскую зборную, дыскваліфікаваную Міжнародным паралімпійскім камітэтам з-за масавага ўжываньня допінгу. Прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант падкрэсьліла, што жэст Фомачкіна адлюстроўвае «пазыцыю дзяржаўную, у тым ліку пазыцыю прэзыдэнта краіны». Ці ўдзельнікі беларускай дэлегацыі пранесьлі расейскі сьцяг толькі з-за салідарнасьці з расейскімі спартоўцамі, альбо за гэтай акцыяй крыюцца больш шырокія мэты?

Рыгор Астапеня: Цяжка сабе ўявіць, што беларускі чыноўнік мог пайсьці на такі крок без узгадненьня з дзяржаўнымі ворганамі. Рэакцыя беларускіага МЗС паказвае, што ўлады былі гатовыя да гэтага. Беларусь зрабіла тое, то яна дзесяцігодзьдзямі робіць у дачыненьнях з Расеяй. Яна прадала сымбалізм. Дзякуючы гэтаму сымбалізму яна можа гандляваць, дамаўляцца пра больш складаныя рэчы – напрыклад пра пастаўкі газу. Можна заўсёды казаць Расеі: «Глядзіце – ані Армэнія, ані Казахстан не зьяўляюцца настолькі брацкімі краінамі, як мы. Таму плаціце!»

Крэмль не дапусьціць, каб Беларусь адмовілася ад расейскай нафты

12 верасьня Аляксандар Лукашэнка загадаў віцэ-прэм’еру Сямашку на працягу двух дзён дамовіцца з Расеяй пра пастаўкі энэрганосьбітаў. У выпадку няўдачы перамоваў Лукашэнка загадаў знайсьці альтэрнатыву расейскім нафце й газу. Наколькі сурʼёзныя такія заявы? Ці Беларусь можа дыверсыфікаваць пастаўкі энэргіі й саскочыць з расійскай «нафтагазавай іглы»?

Рыгор Астапеня: З падобных заяваў Аляксандра Лукашэнкі было прынята доўгі час сьмяяцца, бо Беларусь мае вельмі малыя магчымасьці дывэрсыфікацыі шляхоў пастаўкі энэрганосьбітаў. Расейскія нафта й газ застаюцца самымі таннымі й лягістычна даступнымі ў рэгіёне. Аднак Аляксандар Лукашэнка многіх прысароміў у 2010 годзе, калі пачаў набываць нафту ў Вэнэсуэле. Безумоўна, гэта выглядала як дзіўны бізнэс-праект, які абыходзіўся даражэй, чым пакупка нафты ў Расеі. Але праект меў палітычны посьпех: Расея была вымушана саступіць ва ўмовах пастаўкі паліва. Мне падаецца, што Расея саступіць і ў гэты раз. Грошы грашыма, але саюзьніка трэба трымаць бліжэй, асабліва тады, калі ён паляпшае свае адносіны з Захадам.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт