Logo Polskiego Radia
Print

Менск абяцае падпісаць дамову з Брусэлем і разблякаваць мяжу з Расеяй

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.11.2017 07:16
  • Менск абяцае падпісаць доўгачаканую дамову з Брусэлем і разблякаваць мяжу з Расеяй.mp3
Анансаваныя дамовы з Эўразьвязам і Расеяй могуць прынесьці Беларусі вялікія карысьці – экспэрт.
pixabay.com/Public Domain/CC0

На мінулым тыдні беларускія ўлады анансавалі прагрэс як у адносінах з Эўразьвязам, так і Расеяй, а таксама паабяцалі ўнесьці чарговыя зьмены ў адукацыйную сыстэму. Прыбліжэньне навучальнай праграмы гімназіяў да звычайных школаў – гэта добра ці дрэнна? Калі Беларусь нарэшце падпіша паўнавартасную дамову аб партнэрстве з Эўрапейскім зьвязам? Ці адчыніць Расея мяжу для замежнікаў, якія едуць празь Беларусь? Гэтыя ды іншыя тэмы мінулых 7 дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Гімназіі зьмяняюць, не пытаючыся ні бацькоў, ні настаўнікаў, ні дзяцей

Да 10 кляса гімназіі ды звычайныя школы будуць мець аднолькавую праграму. Пра гэта 25 кастрычніка заявіў віцэ-рэм'ер Васіль Жарко. На думку ўрада, такі крок запэўніць роўныя адукацыйныя шанцы для ўсіх дзяцей. Як гэта адабʼецца на якасьці адукацыі? Ці «выроўніваньне» праграмаў адчыніць маладым людзям сацыяльныя ліфты?

Андрэй Елісееў: Міністэрства адукацыі плянуе гімназіі ў Беларусі пакінуць, але скасаваць у іх экзамэны й зрабіць да старэйшых клясаў аднолькавую праграму, як і ў школах. Адсюль вынікае відавочнае пытаньне: навошта тады ўносіць блытаніну і называць установы з ідэнтычнай праграмай па-рознаму? Меркаваньні пра наступствы для якасьці асьветы ёсьць розныя. Праблема ў іншым: не было сапраўднай шырокай дыскусіі ў грамадзтве на гэты конт. Ёсьць адмысловая камісія ў парлямэнце, але тыя слуханьні, што яна робіць, не выпадае выдаваць за сапраўднае грамадзкае абмеркаваньне. Мусяць быць прыцягнутыя спэцыялізаваны няўрадавыя арганізацыі, зробленае апытаньне настаўнікаў і бацькоў і прыведзеныя дакладныя навуковыя аргумэнты з тым, каб прыняць слушнае рашэньне.

Дамова з ЭЗ – прарыў, але яе падпішуць не так хутка

Эўразьвяз гатовы пачаць перамовы па заключэньні зь Беларусьсю новай дамовы аб партнэрстве й супрацоўніцтве. Пра гэта заявіў беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў пасьля таго, як 27 кастрычніка сустрэўся з эўрапейскім камісарам па пытаньнях палітыкі добрасуседзтва Ёханэсам Ханам. Сёньня адносіны паміж Менскам і Брусэлем рэгулюе састарэлая дамова, заключаная яшчэ ў 1989 годзе. Што прынясе Беларусі новае пагадненьне? Калі яно нарэшце будзе заключана?

Андрэй Елісееў: Зьмест дамовы залежыць ад волі бакоў. Гэта можа быць пагадненьне з апісаньнем вельмі агульных рамак супрацоўніцтва. Маўляў, ЭЗ і Беларусь грунтуюцца на супольных інтарэсах і каштоўнасьцях і дамаўляюцца мець рэгулярныя паседжаньні на высокім узроўні па палітычных і эканамічных пытаньнях. Тады хаця б фармат рэгулярных сустрэчаў быў бы агавораны, бо пагэтуль нават такой дамоўленасьці няма.

А можа быць дакумэнт, які агаворвае вельмі канкрэтныя сфэры, у якіх бакі будуць набліжаць свае нормы й стандарты. Вядома, у рэальнасьці гэта будзе значыць, што Беларусь будзе пераймаць эўрапейскія стандарты, але толькі ў тых сфэрах, што не супярэчыць заканадаўству Эўразійскага эканамічнага зьвязу – напрыклад, у будаўнічай і падатковай галінах. У кожным разе, перамоўны й ратыфікацыйны працэс будзе доўгі й зойме ў лепшым выпадку гадоў 3-5.

Масква адчыніць расейска-беларускую мяжу для праезду замежнікаў?

Беларускія ўлады прадказваюць дыпляматычныя посьпехі і на ўсходнім накірунку. Пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю й Расеяй можа быць падпісана да канца гэтага году. Пра гэта 30 кастрычніка заявілі ў Горадні ўдзельнікі пасяджэньня Камісіі па пытаньнях зьнешняй палітыкі Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі. Ці пасьля таго, як Масква прызнае беларускія візы, яна дазволіць грамадзянам трэціх краінаў уяжджаць на сваю тэрыторыю празь Беларусь? Прыгадаем, транзыт празь беларуска-расейскую мяжу застаецца зачыненым для іншаземцаў ужо больш за год.

Андрэй Елісееў: На добры лад, калі Масква прызнае ўсе віды беларускіх візаў, выдаваныя замежнікам, падставай для знаходжаньня на тэрыторыі Расеі, і калі бакі ўзгодняць сьпіс краінаў, грамадзяне якіх маюць права бязьвізавага ўезду, то тады транзыт праз беларуску-расейскую мяжу павінен быць дазволены. Праўда, нават гэта не будзе выключаць прававой мажлівасьці эпізадычных праверак на мяжы. Уласна, так адбыцца і ў Шэнгенскай прасторы і выбарачныя праверкі, нягледзячы на свабоду перамяшчэньня, існуюць. Зь іншага боку, узгаданы працэс прызнаньня візаў і ўзгадненьня краінаў з бязьвізавым уездам можа выдацца даўжэйшым, чым сёньня падаецца.

Францускага турыста ў турму не адправяць

Пакуль дыпляматы стараюцца прыцягнуць у Беларусь турыстаў, іх высілкі могуць змарнаваць праваахоўнікі. На мінулым тыдні стала вядома, што больш за месяц у гомельскім сьледчым ізалятары знаходзіцца францускі падарожнік Жалян Віё (Jolan Viaud). 24-гадовы француз меў неасьцярожнасьць перавозіць у сваім рукзаку патрон – сувэнір, які яму далі ў Польшчы. За «спробу перавозу боепрыпаса» празь мяжу турысту пагражае ад 3 да 7 гадоў турмы. У сваім лісьце родным Жалян Віё апісвае непрывабныя ўмовы ўтрыманьня ў беларускім СІЗА. Ці францускага турыста сапраўды адправяць за крыты? Ці паўплывае гэтая гісторыя на працу праваахоўных ворганаў?

Андрэй Елісееў: Перавозка баявога патрона мела б для турыста непрыемныя наступствы і ў іншых краінах, у тым ліку прававых ды дэмакратычных. Калі сапраўды гэта было прыкрае непаразуменьне, то беларускі суд павінен узяць гэта да ўвагі й не выносіць жорсткага пакараньня. Хаця б беручы да ўвагі, што гэтая гісторыя займела пэўны рэзананс за мяжой, а нашая краіна імкнецца наладзіць турыстычную палітыку. З гледзішча беларускіх інтарэсаў варта было б праявіць міласэрнасьць да замежніка, адначасова падкрэсьліўшы важнасьць прытрымлівацца правіл уезду і правозу рэчаў.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт