Logo Polskiego Radia
Print

Транспартная рэвалюцыя адбываецца на нашых вачах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.09.2018 15:07
  • кангрэс Катавіцэ.mp3
На кангрэсе Impact Mobility rEvolution '18 абмяркоўваюцца сучасныя сродкі перамяшчэньня.
Электрычны аўтамабіль ZD D2S, прадстаўлены на кангрэсеЭлектрычны аўтамабіль ZD D2S, прадстаўлены на кангрэсеPAP/Andrzej Grygiel

На поўдні Польшчы адбываецца міжнародны кангрэс пад назваю Impact Mobility rEvolution '18. Сустрэча прысьвечана тэме сучасных транспартных сродкаў, між іншым удзельнікі абмяркоўваюць пытаньне разьвіцьця рынку электракараў.

Двухдзённы кангрэс, які пачаўся ў сераду ў Катавіцах, гэта самае буйное мерапрыемства ў нашай частцы Эўропы, прысьвечанае гэтак званай інтэлігентнай мабільнасьці. У важны прамысловы цэнтар Сілезіі, якім зьяўляюцца Катавіцэ, прыбыла каля дзьвюх тысяч гасьцей – ня толькі польскія і замежныя палітыкі, прадстаўнікі муніцыпальных органаў, але таксама навукоўцы і найлепшыя экспэрты.

Удзельнікі кангрэсу адзначаюць, што транспартная рэвалюцыя адбываецца ўжо на нашых вачах. Неўзабаве транспарт тавараў і падарожжы людзей пачнуць выглядаць такім чынам, што гэты працэс будзе значна больш хуткі і бясьпечны, чым цяпер, а пры гэтым ня будзе шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю. Тэхналягічнае спаборніцтва пакуль што ідзе ў лябараторыях розных інавацыйных фірмаў і ВНУ ўсяго сьвету, але яго наступствамі неўзабаве скарыстаюцца жыхары польскіх гарадоў. Задача падрыхтаваць і фінансаваць эка-мабільнасьць зададзеная тром найважнейшым урадавым структурам. Гэта Нацыянальны фонд аховы навакольнага асяродзьдзя і воднай гаспадаркі, Нацыянальны цэнтар дасьледаваньняў і разьвіцьця, а таксама Польскі фонд разьвіцьця.

Падчас адкрыцьця кангрэсу міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгій Ядвіга Эмілевіч адзначыла, што дэбаты праходзяць у важным для Польшчы месцы – у сэрцы айчыннай аўтамабільнай прамысловасьці.

Я. Эмілевіч: Калі задаць пытаньне: дзе б’ецца сэрца польскай аўтамабільнай прамысловасьці, а нават эўрапейскай аўтапрамысловасьці, то трэба сказаць, што яно б’ецца недалёка ад гэтай сцэны. Ня будзе перабольшаньнем казаць, што ў большасьці аўтамабіляў, якія езьдзяць цяпер па францускіх, нямецкіх ці італьянскіх дарогах, ёсьць часткі, вырабленыя менавіта тут – у Глівіцах ці Забжы.

«Мы ставім перад сабою задачу дабіцца значных зьменаў у галіне сучасных сродкаў перамяшчэньня», – падкрэсьлівае Ядвіга Эмілевіч.

Я. Эмілевіч: Мы падрыхтавалі адпаведныя прававыя нормы, падрыхтавалі таксама крыніцы фінансаваньня. Нацыянальны цэнтар дасьледаваньня і разьвіцьця зь мінулага году рэалізуе праграму падрыхтоўкі прататыпу новага электрычнага аўтобуса, пачынае працаваць Нацыянальны фонд электрамабільнасьці. На маю думку, мы зрабілі ўсё магчымае, што маглі зрабіць адміністрацыйныя органы. Цяпер мы перадаём эстафэту прамысловасьці, бо менавіта прамысловасьць павінна рэалізаваць гэтыя задачы.

У краіне пачалася ўжо распрацоўка прататыпу электрычнага аўтобуса, кошт якога будзе падобны або нават ніжэйшы, чым адпаведных машын з рухавіком унутранага згараньня. Між іншым, гэты праект абмяркоўваюць удзельнікі катавіцкага кангрэсу. Паводле словаў дырэктара Нацыянальнага цэнтру дасьледаваньняў і разьвіцьця Мацея Хароўскага, цягам бліжэйшых пяці гадоў на польскія дарогі павінна выехаць каля тысячы аўтобусаў, якія не забруджваюць паветра выхлапнымі газамі.

М. Хароўскі: Гэтыя аўтобусы ўжо распрацоўваюцца, мы намераны прафінансаваць дасьледаваньні над магчымасьцю збудаваньня такога аўтобуса, падрыхтаваць яго прататып. Машыны павінны быць ня толькі электрычныя, але таксама часткова аўтаномныя, і вельмі эканомныя. Вельмі важна, каб іх цана была на столькі нізкай, каб яны маглі канкурыраваць з традыцыйнымі аўтобусамі, каб маглі сабе дазволіць іх набыць розныя структуры, якія рыхтуюць свае бюджэты на пакупку аўтобусаў, беручы пад увагу цэны машын, якія працуюць на бэнзіне.

Па ўсёй Эўропе на дадзены момант зарэгістравана каля аднаго мільёна электракараў. Польскія ўлады паставілі перад сабою задачу, каб да 2025 году столькі ж электрычных машын было ў Польшчы. Пакуль што высокія цэны стрымліваюць разьвіцьцё гэтага сэгмэнту рынку, – кажа Якуб Фарысь з Польскага зьвязу аўтамабільнай прамысловасьці.

Я. Фарысь: Электракараў пакуль што на сьвеце вырабляюць адносна няшмат, таму яны даражэйшыя ў параўнаньні з іншымі аўтамабілямі.

Тэма цаны электракараў абмяркоўваецца на кангрэсе, таксама шмат увагі прысьвячаецца Цэнтральнага аэрапорту, які плянуецца збудаваць на шляху з Варшавы ў горад Лодзь. Будаўніцтва аэрапорту з усёй неабходнай інфраструктурай павінна закончыцца на працягу 9 гадоў, яго кошт – 35 млрд. злотых. Порт павінен абслугоўваць на пачатку 45 мільёнаў пасажыраў у год, пазьней – нават да 100 млн. чалавек у год.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт