Logo Polskiego Radia
Print

Польска-беларускі юрыдычна-эканамічны форум адбыўся ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.04.2019 14:49
  • форум Польшча-Беларусь.mp3
Польшча і Беларусь заключаюць розныя дамоўленасьці, якія патрабуюць тлумачэньня і правільнага выкананьня.
фота: Н. Грышкевіч

У Варшаве сустрэліся спэцыялісты па юрыдычнай ды эканамічнай тэматыцы зь Беларусі і Польшчы. У польскай сталіцы ў пятніцу прайшоў Першы польска-беларускі юрыдычна-эканамічны форум. Мерапрыемства зладжана на Факультэце права і адміністрацыі Варшаўскага ўнівэрсытэту пры дапамозе Пасольства рэспублікі Беларусь у Польшчы.

Падзея носіць інтэрдысцыплінарны характар, яна датычыць ня толькі юрыдычнай ды эканамічнай тэматыкі, – гаворыць арганізатар форуму, кіраўнік Цэнтра дасьледаваньня права Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Факультэту права і адміністрацыі Варшаўскага Ўнівэрсытэту Яраслаў Турлукоўскі.

на
на здымку - Яраслаў Турлукоўскі


Я. Турлукоўскі: Ёсьць, канешне, даклады, прысьвечаныя выключна юрыдычнай тэматыцы, але большасьць выступоўцаў не зьвязаныя з клясычным правам. Тут прадстаўленыя і гісторыкі, і палітолягі, тэматыка вельмі шырокая. Першая частка прысьвечаная праву, другая – бясьпецы. На форум прыбылі нашы партнэры зь Беларусі, прадстаўнікі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Форум ня мае палітычнай афарбоўкі, гэта навуковае супрацоўніцтва вучоных дзьвюх краін.

Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы Уладзімер Чушаў спадзяецца, што гэты форум стане цыклічнай падзеяй, а наступнае мерапрыемства ўдасца зладзіць у Менску. Па ягоных словах, Беларусь і Польшча інтэнсіўна разьвіваюць адносіны апошнім часам, падпісваюцца розныя двухбаковыя дамоўленасьці, што патрабуе вывучэньня прававых нормаў дзьвюх дзяржаў.

выступае
выступае Пасол РБ У. Н. Чушаў


У. Чушаў: Пачатак новай традыцыі. Мы спадзяемся, што будзе канфэрэнцыя ў адказ у Менску. Канфэрэнцыя прысьвечаная пытаньням прававым і эканамічным. А гэта заўсёды важна ў міжнародных адносінах. Шмат фарміруецца сумесных польска-беларускіх прадпрыемстваў, ёсьць шмат плянаў, заключаны розныя дамоўленасьці, якія патрабуюць тлумачэньня і правільнага выкананьня. Усе пытаньні будуць вырашаныя з цягам часу, для гэтага трэба сустракацца і размаўляць.

Намесьнік галоўнага рэдактара парталу «Eastbook» Барташ Тэслаўскі выступіў на форуме з дакладам на тэму бясьпекі і стабільнасьці ў нашым рэгіёне і ролі Беларусі ў міжнародных адносінах. Ён кажа, што зьяўляецца вялікім аматарам Беларусі і шкадуе, што ў Польшчы так мала прысьвячаюць увагі гэтай краіне.

Б. Тэслаўскі: У Польшчы ладзіцца вельмі мала мерапрыемстваў, прысьвечаных Беларусі. На маю думку, палякі гэтага блізкага суседа ня вельмі цэняць. На вышэйшым узроўні назіраецца цяпер значнае пацяпленьне палітычных адносін, але раней кантакты былі амаль замарожаны, таму яны значна аслабленыя. У сваю чаргу калі казаць пра слабы турыстычны рух, моладзевы абмен, то гэта вынікае перш за ўсё зь няведаньня. Палякі ня езьдзяць у Беларусь, беларусы прыяжджаюць у Польшчу, але пераважна на нейкі пэрыяд, працаваць або вучыцца, а пазьней вяртаюцца дадому. У сваю чаргу наша беларуская меншасьць моцна палянізаваная. Галоўная праблема адсутнасьці шырокіх кантактаў вынікае з таго, што нізы, масы не аказваюць прэсінгу на палітычную эліту, каб гэтых кантактаў было больш.

Зь беларускага боку на форуме прысутнічаў між іншым кіраўнік Катэдры міжнародных адносін Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце РБ Сяргей Кізіма. Ён зьвярнуў увагу на тое, што патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю яшчэ далёкі да поўнага выкарыстаньня.

С. Кізіма: Наш тавараабарот каля 2 млрд. даляраў, у той час, калі тавараабарот Польшчы зь Кітаем – амаль 30 млрд. даляраў. Дзе Беларусь, а дзе Кітай – далёка, а гандаль значна большы. Мы мала ўзаемадзейнічаем у сфэры інвэстыцый, у сфэры палітычных мерапрыемстваў. У той жа час мільёны грамадзян Польшчы і Беларусі кантактуюць паміж сабою, ад інтэрнэту, сацсетак, да паездак. Польшча стала добрым хабам для беларусаў, напрыклад, пры выезьдзе на адпачынак. Таму трэба падцягваць узровень палітычнага, юрыдычнага супрацоўніцтва да таго ўзроўню, які ўжо склаўся паміж народамі.

Сяргею Кізіме значна менш спадабалася пытаньне пра адносіны беларускіх уладаў да Саюзу палякаў у Беларусі. Нагадаем, старшыні непрызнанай уладамі Беларусі арганізацыі Анжаліцы Борыс пагражае судовы працэс за арганізацыю традыцыйнага сьвята Казюкі на панадворку сядзібы СПБ. Беларуская ўлада прызнае толькі афіцыёзны Саюз палякаў, польскі ж урад наадварот падтрымлівае толькі СПБ Анжалікі Борыс. Гэта нявырашанае пытаньне, якое значна ўскладняе адносіны паміж дзяржавамі. Меркаваньнем Сяргея Кізімы, гэта зусім не праблема.

С. Кізіма: На самой справе гэта не зьяўляецца праблемай. У нас прыкладна 300 тыс. грамадзян Беларусі з польскімі каранямі, у іх ёсьць свой Саюз палякаў, дзясяткі тысяч уваходзяць у яго склад. Яны рэалізоўваюць навучаньне дзяцей на польскай мове, ладзяць фэстывалі і г.д. Для дзяржавы важна, якія арганізацыі прадстаўляюць для яе інтарэс, садзейнічаюць талерантнасьці, а якія арганізацыі стараюцца ўвайсьці ў канфлікт з уладамі.

Такім чынам беларускія чыноўнікі цярпімыя толькі да тых арганізацый нацменшасьцяў, якія ніякім чынам не крытыкуюць уладаў. А супрацоўніцтва з польскімі ўладамі добра складваецца да таго часу, пакуль палякі не высоўваюць ніякіх патрабаваньняў, датычных легалізацыі апальнага Саюзу палякаў у Беларусі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт