Logo Polskiego Radia
Print

"Рашэньне Рады Эўропы паказвае бездапаможнасьць ЭЗ у адносінах агрэсіўнай Расеі"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2019 11:12
Права на ўдзел у паседжаньнях Рады Эўропы атрымалі кандыдаты з Расеі.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У Польшчы, а таксама іншых краінах Цэнтральна-Усходняй Эўропы шырока камэнтуюць скандал, які здарыўся надоечы ў Радзе Эўропы. Права на ўдзел у паседжаньні гэтай структуры атрымалі кандыдаты з Расеі, а Леанід Слуцкі быў абраны кандыдатам у віцэ-кіраўнікі гэтай арганізацыі, нягледзячы на тое, што яго прозьвішча ўнесена ў чорны сьпіс, ён ня мае права ўяжджаць на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу.

Расея атрымала поўнае права голасу ў Парлямэнцкім сходзе Рады Эўропы. Такое рашэньне было прынятае падчас галасаваньня чальцоў гэтай структуры, якое прайшло ў Страсбургу. Галасаваньне было вынікам прыняцьця 17 траўня ў Хэльсынкі Камітэтам Міністраў РЭ дэклярацыі, у якой гаворыцца, што ўсе дзяржавы-чальцы маюць права ўдзельнічаць у працах Камітэту міністраў і Парлямэнцкага сходу РЭ. За прыняцьце дэклярацыі было 118 чалавек, 62 – супраць, а 10 стрымалася ад галасаваньня. Супраць выступіла між іншым Украіна, якая заявіла, што гэта неабгрунтаваная саступка ў адносінах Расеі.

У Польшчы рашэньне Рады Эўропы выклікала ў большасьці зьдзіўленьне і пратэсты. «Некаторыя сябры Эўрапейскага Зьвязу паказваюць, што яны ўжо зьмірыліся з агрэсіўнай палітыкай Расеі, з анэксіяй Крыму і вайной на Данбасе, і што яны адчуваюць сябе бясьсільнымі», – кажа публіцыст выданьня «Gazeta Polska Codziennie» Кшыштаф Карнкоўскі.

К. Карнкоўскі: Большая частка Эўропы такім чынам прызнаецца, што яна бясьсільная і абыякавая ў адносінах таго, што Расея зрабіла ва Ўкраіне. Гэта таксама вялікі ўдар для новага прэзыдэнта Ўкраіны. Нягледзячы на розныя супярэчнасьці, зьвязаныя з яго асобаю, нельга забываць, што ён карыстаецца вялізнай падтрымкай у грамадзтве, на яго ўкраінцы ўскладваюць вялікія надзеі. І тут, на самым пачатку кіраваньня краінай ён панёс такую паразу на міжнароднай арэне. Гэта паказвае, што як мінімум з часоў 30-ых гадоў мінулага стагодзьдзя Эўропа не навучылася, як сябе паводзіць у кантактах з агрэсіўнымі дзяржавамі.

Гэта таксама дрэнная навіна для Польшчы, якая паказвае, што дзяржавы гэтак званай старой Эўропы засьлепленыя сваёй любоўю да Расеі, яны не атрымалі ад Расейскай імпэрыі такіх удараў як Польшча, не былі пад яе панаваньнем, таму палякаў не разумеюць. Польская дзяржава можа разьлічваць на салідарнасьць выключна тых краін, якія, таксама, як яна, прайшлі выпрабаваньне расейскім імпэрыялізмам, а таксама на ЗША – дадаў публіцыст.

Меркаваньнем польскага сэнатара, чальца Парлямэнцкага сходу РЭ Аляксандра Поцея, пазыцыя Польшчы ды некаторых краін Цэнтральна-Усходняй Эўропы радыкальна адрозьніваецца ад пазыцыі паўднёвых краін ЭЗ, а таксама Нямеччыны ды Турцыі, якія лічаць, што кожная дзяржава павінна мець магчымасьць выказаць сваю думку.

У сваю чаргу польская дэлегацыя галасавала супраць, хаця раней міністар замежных спораў Я.Чапутовіч выступіў за вяртаньне Расеі права голасу. Польскія парлямэнтары падкрэсьлівалі, што за 5 гадоў нічога не зьмянілася, у Расеі правы чалавека парушаюцца нават часьцей, чым раней. І сапраўднай насьмешкай з боку Расеі можна назваць тое, што яны прызначыла ў склад сваёй дэлегацыі асоб, ахопленых санкцыямі.

А. Поцей: Сытуацыя ў Расеі зусім не паляпшаецца, а наадварот пагаршаецца. А самае скандальнае тое, што ў складзе расейскай дэлегацыі ёсьць чатыры ці пяць чалавек, якіх Эўрапейскі Зьвяз і Аб’яднаныя Нацыі ўнесьлі ў індывідуальны санкцыйны сьпіс. Яны ня маюць права рухацца па тэрыторыі ЭЗ. Ведаючы пра гэта, РФ выставіла іх у якасьці сваіх прадстаўнікоў.

Польшча правільна робіць, выбіраючы сваім галоўным саюзьнікам Злучаныя Штаты, а не Францыю ці Нямеччыну, – адзначае экспэрт фундацыі FIBRE Ежы Мосань.

Е. Мосань: Гэта перш за ўсё пацьвярджае, што Польшча абрала правільны напрамак пошуку хаўрусьнікаў і павышэньня сваёй здольнасьці бараніцца. Яна пашырае прысутнасьць амэрыканскіх узброеных сілаў на сваёй тэрыторыі, і гэта правільны вэктар. Калі цяпер Эўропа прымае такія скандальныя рашэньне, то гэта сьведчыць пра тое, што для яе інтарэсы і грошы важнейшыя, чым звычайная прыстойнасьць. Я б не сказаў, што гэта параза Ўкраіны, паколькі Кіеў ня меў уплыву на дадзенае рашэньне. Расея сёньня зьяўляецца вялікай пагрозай, чаго Заходняя Эўропа, здаецца, не разумее. У заходніх краін няма такога дрэннага досьведу ў кантактах з Расеяй, які маюць палякі, украінцы, эстонцы ці нават беларусы. Цяпер мы павінны прадумаць, што зрабіць, каб эфэктыўна працягваць палітыку дзяржаў трох мораў. Трэба на гэта прызначаць сродкі, неабходна будаваць чыгуначныя шляхі і дарогі, якія спалучаюць гэтыя дзяржавы. І перш за ўсё неабходна думаць пра набыцьцё сучаснага ўзбраеньня, хаця гэта вельмі непапулярныя рашэньні ў грамадзтве, бо заўсёды ёсьць больш важныя патрэбы – сыстэма аховы здароўя, адукацыя і г.д. Але калі мы бачым, як сёньня сябе паводзіць Бэрлін ці Парыж, мы павінны прымаць рашэньні пра ўзмацненьне нашай абароназдольнасьці, нашай арміі.

Вяртаньне Расеі права голасу ў РЭ раскрытыкаваў таксама міністар замежных спраў Летувы Лінас Лінкявічус. Перадае карэспандэнт Польскага радыё.

Каміль Залеўскі: У інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas міністар заявіў, што гэтае рашэньне дзіўнае, шкоднае і скандальнае, яно падрыве аўтарытэт усёй Рады Эўропы. Пры гэтым, паводле яго словаў, вяртаньне да дыялёгу з Расеяй зьяўляецца добрым сыгналам, але нельга ігнараваць факт, што Масква не мяняе сваіх паводзінаў.

Рашэньне пра адабраньне права голасу ў Радзе Эўропы ў Расеі было прынятае звыш пяці гадоў таму, у красавіку 2014 году, пасьля анэксіі Крыму. У адказ Расея перастала ўдзельнічаць у пасяджэньнях Рады Эўропы і перастала плаціць узносы.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт