Logo Polskiego Radia
Print

Лёнінг у Беларусі непажаданы

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 09.02.2012 15:05
  • Лёнінг у Беларусі не пажаданы.mp3
Амбуцмэн шмат разоў заклікаў неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзьняволеных.

Учора ў Беларусь не ўпусьцілі ўпаўнаважаны нямецкага ўраду па пытаньнях правоў чалавека Маркуса Лёнінга. Падчас трохдзённага візыту ён намераваўся сустрэцца ў Менску з шэрагам беларускіх дысыдэнтаў, а таксама перадаць Аляксандру Лукашэнку ліст ад міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Сёньня прадстаўніца беларускага МЗС Марыя Ваньшына заявіла, што Менск ня бачыць неабходнасьці ў візыце Лёнінга, паколькі ягоны „ўклад“ у беларуска-нямецкія адносіны нельга назваць пазытыўным.

Яна зазначыла, што для таго, каб перадаць ліст, „ганец“ непатрэбны. Дзеля гэтага існуюць агульнапрынятыя дыпляматычныя каналы, якімі нямецкі бок скарыстаўся й перадаў ліст. На думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, з адмовай нямецкаму прадстаўніку зьвязаныя дзьве прычыны.

Уладзімер Мацкевіч: Першая - гэта агульная ўстаноўка беларускага рэжыму на тое, што грамадзкая праблематыка правоў чалавека іх не клапоціць, яны ёю не займаюцца, таму ня бачаць сэнсу ў сустрэчах і абмеркаваньнях зь людзьмі, якія гэтыя пытаньні ўздымаюць. Другая прычына - чыста асабістая. Упаўнаважаны па правах чалавека ўраду Нямеччыны вельмі добра разабраўся з гэтым бокам палітычнай сытуацыі ў Беларусі й зрабіў некалькі выразных і канкрэтных асабістых і афіцыйных выказваньняў на гэты конт. У гэтым сэнсе беларускі рэжым мае супраць яго нешта асабістае, і таму яны не зацікаўленыя бачыць яго ў Беларусі. Чалавек, які разабраўся з гэтым пытаньнем, ён не наіўны, яго немагчыма падмануць, а толькі гэта і ўмее рабіць беларускі рэжым і чыноўнікі ўраду.

Паводле інфармацыі агенцтва „dpa”, нямецкі высланьнік, праўдападобна, намерваўся сустрэцца зь беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Прадстаўніца праваабарончага цэнтру „Вясна“ Тацьцяна Равяка кажа, што зьдзейсьніць гэты намер было б немагчыма.

Тацьцяна Равяка: Магчыма, ён і намерваўся, але, наколькі мне вядома, цяпер ніхто ня мае такога мандату на наведваньне зьняволеных. Больш за тое, Алесь цяпер знаходзіцца ў стадыі этапаваньня, і мы да гэтага часу ня ведаем, ці ён яшчэ знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Жодзіна, ці ўжо адпараўлены па этапе ў калёнію. Нам сказалі, што толькі родным і адвакатам такая інфармацыя паведамляецца ў пісьмовым выглядзе пасьля таго, як Алесь будзе адпраўлены па этапе. Большай інфармацыяй мы не валодаем. Таму, хучэй за ўсё, былі такія добрыя намеры падаць зварот, каб наведаць Алеся Бяляцкага, але рэальна мне слаба верыцца, што нават пры станоўчым рашэньні гэта было б магчыма вырашыць.

Маркус Лёнінг выказаў сваё шкадаваньне, што ягоную асобу не жадаюць бачыць у Менску, і дадаў, што нямецкі ўрад будзе надалей ангажавацца ў абарону правоў чалавека ў Беларусі. Амбуцмэн шмат разоў выказваў падтрымку беларускім дэмакратычным актывістам і заклікаў неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзьняволеных.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт