Logo Polskiego Radia
Print

Украінцу абяцаюць памагчы атрымаць польскае грамадзянства за геройскі ўчынак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.06.2019 12:03
Андрэй не адчувае сябе героем, кажа, што зрабіў тое, што неабходна было зрабіць.
Андрэй Сіравацкі падчас сустрэчы ў Шчэціне (у сіняй кашулі)Андрэй Сіравацкі падчас сустрэчы ў Шчэціне (у сіняй кашулі)PAP/Marcin Bielecki

Выданьні пішуць пра геройскі ўчынак кіроўцы з Украіны Андрэя Сіравацкага, які ў нядзелю 9 чэрвеня ратаваў людзей з гаручых аўтамабіляў пасьля жахлівага здарэньня на аўтабане А6 на паўночным захадзе Польшчы. Падзеі апісвае між іншым «Gazeta Wyborcza».

«Я зрабіў, што трэба было зрабіць. Я б сабе ня выбачыў, калі б не зрабіў нічога» – сьціпла сказаў Андрэй падчас сустрэчы з маршалам Заходняй Памэраніі Альгердам Гэблевічам. Андрэй не адчувае сябе героем, хаця ўжо шмат разоў пачуў ад іншых, што ён – герой. Ён ехаў за фурай, якая ўрэзалася ў іншыя машыны, што затрымаліся ў нечаканым корку. Выбухнуў пажар (верагодна, узарваўся газ), Андрэй пабег гасіць агонь, а калі заўважыў, што ахвяры здарэньня на могуць выйсьці з аўто, пачаў разьбіваць шыбы вогнетушыцелем і выцягваць людзей. Ён нават дакладна не памятае, што адбывалася, у такім стрэсе дзейнічаў. Паводле дадзеных паліцыі, украінец выратаваў траіх чалавек. Сам Андрэй кажа, што тады не было страху, не было часу падумаць і пачаць баяцца.

Па словах жонкі Андрэя, ён зусім ня сьпіць, усё перажывае тое здарэньне. Найгорш для яго, што загінулі дзеці. У самога Андрэя двое дзяцей, яны з жонкай пераехалі ў Польшчу, каб дзеці мелі лепшае жыцьцё. Цяпер хадайнічаюць за польскае грамадзянства. Маршал Заходняй Памэраніі абяцаў зьвярнуцца да прэзыдэнта Анджэя Дуды з просьбай надзяліць сям’ю грамадзянствам у экстранным парадку. Сям’я атрымала таксама ваўчар на тыдзень адпачынку ў адным з пансіянатаў Калабжэгу на беразе Балтыйскага мора.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт